Курсовая работа: Развiцце беларускай лiтаратуры ў 1930-я г.
Між тым
псіхалагічная драма ніколі не абмяжоўвалася паказам чалавека толькі ў
сямейна-інтымных, камерных рамках. Антыфашысцкія п'есы, як правіла, не
вызначаліся вышынёй мастацкага спасціжэння рэчаіснасці, аднак яны цікавыя былі
антываенным пафасам («Сяржант Дроб» (1935) Э. Самуйлёнка, «Велікадушнасць»
(1935) В. Галаўчынера).
Умацаванне
Гітлера ў Германіі, Мусаліні ў Італіі, перамога франкістаў у Іспаніі паставіла
чалавецтва на грань бездані. Ні для каго не было сакрэтам у канцы 30-х гадоў,
што тая вайна блізка. Менавіта таму сталі ўспамінаць, што існуе патрыятызм, што
без яго нават самая моцная армія Айчыну не абароніць. Былі зняты табу на многія
тэмы і праблемы. Не абышлося тут і без кур'ёзаў. Галоўны суддзя-інквізітар над
фальклорна-этнаграфічным пластам у беларускай драматургіі В. Вольскі сам
напісаў п'есу «Цудоўная дудка» (1939) менавіта на фальклорным матэрыяле. Такі ж
матэрыял лёг у аснову камедыі «Несцерка» (1940) (публікацыі апошняга часу, у
якіх аспрэчваецца ў В. Вольскага аўтарства «Несцеркі» на карысць У. Галубка,
не з'яўляюцца цалкам бясспрэчнымі, толькі камп'ютэрна-лексічны аналіз
расставіць кропкі над «і»), якая праславіла не толькі аўтара, але і тэатр імя Я. Коласа,
у рэпертуары якога спектакль на гэтай п'есе вось ужо звыш паўстагоддзя ззяе
яркай зоркай.
Большай
актыўнасці можна было б чакаць ад беларускіх драматургаў у асваенні
гістарычнага матэрыялу, балазе іх рускія і ўкраінскія калегі ў гэтым сэнсе
давалі добры прыклад, літаральна навадніўшы рэпертуар п'есамі з гісторыі сваіх
народаў. У тым ліку і гісторыка-біяграфічнымі драмамі. Беларусы ж да таго часу
яшчэ не здолелі разабрацца са сваімі знакамітымі прашчурамі, да многіх з іх
па-ранейшаму заставаліся варожыя адносіны, драматургі альбо не рызыкавалі
заглядваць у мінулае глыбей 1917 г. («Перад світаннем» (1930) М. Зорава,
«Агні Палесся» (1931) М. Блісцінава), альбо выбіралі ў старадаўнасці
«неканкрэтных» герояў («Салавей» (1930) З. Бядулі, «Кацярына Жарнасек» (1937)
М. Клімковіча). У драме «Салавей», напісанай паводле аднайменнай аповесці, дзея
аднесена да пачатку XVIII ст., аднак гістарычным гэты твор можна лічыць з
вялікай доляй умоўнасці з-за адсутнасці ўласна гістарычнай канкрэтыкі. У драме
«Кацярына Жарнасек» такой канкрэтыкі значна больш. I гістарычны матэрыял,
пакладзены ў яе аснову – перыпетыі антыпрыгонніцкага руху на Беларусі ў
сярэдзіне XVI ст., – вельмі ўдзячны для стварэння драматычнай хронікі. На жаль,
аўтар не здолеў на добрым мастацкім узроўні распарадзіцца гэтым матэрыялам, не
могучы выбавіцца з цянётаў кан'юнктуршчыны. Палітык у яго душы перамог мастака.
У гісторыі
беларускай драматургіі другая палова 30-х гадоў паўстае ў змрачнаватым святле.
I сапраўды, былі рэпрэсіраваны У. Галубок, М. Зарэцкі, В. Шашалевіч, Л.
Родзевіч, В. Сташэўскі і многія іншыя. Надламаўся, адышоў у іншыя сферы
творчасці Е. Міровіч. Нягледзячы ні на што, і ў другой палове 30-х гадоў
працягваліся творчыя пошукі. Менавіта на гэты час прыпадае росквіт
драматургічнага таленту Кандрата Крапівы: сатырычная п'еса «Хто смяецца
апошнім» (1939) увайшла ў элітны фонд сусветнай камедыяграфіі. Наглядаўся пэўны
прыток свежых сіл у драматургію: М. Паслядовіч – «Гонар» (1934), «Шалёная рысь»
(1939), Ф. Альшэўская – «На чыім баку» (1935), Б. Гузарэвіч – «Не спяшайся,
доктар, спаткнешся», «Памылка» (усе 1938), Х. Шынклер – «Пачэсны рэйс»
(1939), Я. Маўр – «Хата з краю» (1939), «Памылка» (1940), А. Якімовіч – «Чалавек-невідзімка»
(1939) і інш.
Напрыканцы 30-х
гадоў у беларускай драматургіі на поўны голас загучала тэма жыцця ў
прыграніччы: «Базылевічава сям'я» (1938) К. Чорнага, «Пагібель воўка»
(1939) Э. Самуйлёнка, «На варце» (1938) I. Гурскага, «Гарачае чэрца»
(1938) і «Шалёная рысь» (1939) М. Паслядовіча, «Хата з краю» Я. Маўра, «Каля
лісяй нары» (1939) Ф. Альшэўскай.
Завяршаліся
30-я гады для беларускай драматургіі ў прынцыпе на мажорнай ноце. Два творы
«Хто смяецца апошнім» К. Крапівы і «Пагібель воўка» Э. Самуйлёнка ў
пастаноўцы БДТ-1 былі на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве (1940), дзе яны
атрымалі вельмі высокую ацэнку савецкіх і зарубежных спецыялістаў.
Спіс
выкарыстаных крыніц
1. Арочка М.М.
Паэзія 30-х гадоў // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т.
Т. 2. Мн., 1999. С. 46–61.
2. Гніламёдаў У.В. Ад
даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію. Мн., 2001.
3. Анталогія беларускай
паэзіі: У 3 т. Мн., 1993. Т. 1–2.
4. Тычына М.А. Проза //
Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 102–133.
5. Лаўшук С.С.
Драматургія // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2.
Мн., 1999. С. 153–166.
|